Экспарт беларускай прадукцыі ў Расію вырас у 1,4 раза, у Кітай — амаль у 2 разы

«Рынак Расійскай Федэрацыі гатовы спажыць усё, што мы зрабілі», — пахваліўся намеснік прэм'ер-міністра Пётр Пархомчык у эфіры АНТ.

22.01.2023 / 20:54

Скрыншот АНТ

«Экспарт у Расійскую Федэрацыю вырас у 1,4 раза — гэта вельмі добры вынік у цэлым для прамысловасці Беларусі. Упершыню ў гісторыі мы атрымалі станоўчае эканамічнае сальда ў адносінах з Расіяй.

Пры сыходзе з гэтага рынку шэрагу замежных кампаній для прамысловых прадпрыемстваў Беларусі адкрыліся магчымасці. Мы змаглі вельмі хутка пераарыентаваць экспарт з украінскага рынку на рынак Расійскай Федэрацыі, які гатовы спажыць усё тое, што мы зрабілі», — сказаў намеснік прэм'ера.

Экспарт у Кітай, па яго словах, за 11 месяцаў вырас на 86%.

Пархомчык таксама дадаў, што найбліжэйшыя 3 гады будуць «камфортныя ўмовы» для цэн на нафту і газ. 

«З улікам тых умоў, якія сёння прапануюцца для бізнэсу ў Еўропе або найбліжэйшых краінах, мы маем вельмі вялікую канкурэнтную перавагу».

Чыноўнік заявіў, што яны не адмаўляюцца ад еўрапейскага рынку і стараюцца прадаваць там прадукцыю.

Nashaniva.com