Дубскі даў інтэрв'ю прапагандыстам: Лукашэнка не такі і кепскі, а брат сядзіць, бо «мазгі з языком сувязь не знайшлі»

Былы маладафронтавец Арцём Дубскі абзываў украінцаў бандэраўцамі, заступаўся за Расію ў вайне. Цяпер жа з'ехаў з Польшчы, дзе жыў апошнія 10 год, і даў інтэрв'ю БелТА — з рэверансамі ў бок лукашэнкаўскага рэжыму.

20.01.2023 / 09:27

Скрыншот відэа БелТА

У Беларусь Дубскі, праўда, не вярнуўся, аднак выехаў за межы Еўрасаюза.

Выехаў на ўсякі выпадак, бо супраць яго завялі крымінальную справу — за публічную абразу ўкраінскіх уцекачоў.

У інтэрв'ю былы маладафронтавец скардзіўся на дарагое жыццё ў Польшчы, на ўкраінскіх уцекачоў, апазіцыйных палітыкаў і незалежныя СМІ. Апошнія, па меркаванні Дубскага, перакручваюць яго словы — не тое, што лукашэнкаўскія медыя.

«Калі гутарыш з Ксеніяй Лебедзевай, людзьмі з «Мінскай праўды» ці з вамі, вы хаця б разумееце, пра што размова», — зрабіў ён рэверанс у бок прапаганды.

А пасля пахваліў Лукашэнку.

«Так атрымліваецца, што цяпер яго курс нашмат больш прабеларускі — прасцей кажучы, каб бомбы не падалі, няхай там людзі атрымліваюць 500 даляраў, але жывуць у цішыні і спакоі», — сказаў ён, параўноўваючы Лукашэнку з апазіцыяй.

Брат Дубскага Ілля цяпер за кратамі і прызнаны палітвязнем.

«Сядзіць за тое, што мазгі з языком сувязь не знайшлі, я яму гэта і ў вочы магу паўтарыць. Калі коратка, кроў маладая, падумаць не падумаў, пачаў у галасавы чат пагражаць сілавікам. Але вельмі моцна хлопец здзівіўся, калі да яго па адрасе рэгістрацыі прыйшлі», — пракаментаваў Арцём тое, за што яго брата на 5 год адправілі ў калонію.

Ён сказаў, што наратывы Крамля і лукашэнкаўскай прапаганды (не будзем усё пераказваць) транслюе, бо яны супадаюць з яго поглядамі. 

Калі ў Польшчы суд прыме не яго бок, то Дубскі туды вяртацца не будзе. Разглядае Сербію як варыянт. І нават не супраць Расіі. 

«Я моцна перажываць не буду, калі мне давядзецца змяніць код +48 на +7. Наогул плакаць не буду ніводнага дня».

Былога маладафронтаўца спачатку дапытвалі сілавікі ў Мінску, а цяпер БТ заступаецца за яго ў сюжэтах

Nashaniva.com