Кожную шостую беларускую дысертацыю па сацыяльна-гуманітарных навуках у 2022 годзе абараніў кітаец

Тэлеграм-канал De facto прааналізаваў статыстыку мінулагодніх абарон дысертацый у Беларусі і выявіў даволі нечаканыя факты. 

19.01.2023 / 22:54

Фота ілюстрацыйнае

«За мінулы год у Беларусі было абаронена 190 дысертацый па сацыяльна-гуманітарных навуках. Здавалася б, вяртанне да нармальных тэмпаў пасля крызісных 2020 і 2021 года, калі абаранялася каля 150 дысертацый. Але некалькі цікавых назіранняў:

34 дысертацыі (кожная шостая) — абароненыя кітайцамі! У некаторых дысцыплінах засілле кітайцаў проста крытычнае: з 18 дысертацый па мастацтвазнаўстве — 12 абаронены кітайцамі, з 4 дысертацый па культуралогіі — 3 кітайскія.

Пры гэтым некаторыя дысцыпліны знаходзяцца ў крытычным стане.

Па псіхалогіі за 2022 год абароненая толькі адна дысертацыя (!). Рэзка ўпала колькасць абарон па гісторыі, за 2022 год — толькі 12 дысертацый, раней стабільна абаранялася штогод больш за 30 дысертацый», — адзначае аўтар.

У той жа час вельмі папулярныя абароны дысертацый на атрыманне ступеняў кандыдатаў педагагічных навук і дактароў ды кандыдатаў эканамічных навук.

Пры гэтым са 190 дысертацый толькі 20 было абаронена на беларускай мове. 

І гэта гаворка пра сацыяльна-гуманітарную сферу, а ў тэхнічных навуках гэтыя паказчыкі, відавочна, нулявыя.

Чытайце таксама:

Генпракурор Швед у мінулым годзе стаў не проста доктарам навук, а «найлепшым» ва ўсёй краіне

Nashaniva.com