Мядзведзеў прыгразіў, што Расія прыменіць ядзерную зброю, калі будзе прайграваць вайну ва Украіне

Намеснік старшыні Савета бяспекі Расіі Дзмітрый Мядзведзеў пракаментаваў заявы ўдзельнікаў Сусветнага эканамічнага форуму, якія лічаць магчымым наступленне міру ва Украіне толькі пасля пройгрышу Расіі.

19.01.2023 / 11:10

Мядзведзеў напісаў, што ў Рамштайне «вялікія ваеначальнікі будуць абмяркоўваць новую тактыку і стратэгію, а таксама пастаўкі на Украіну новага цяжкага ўзбраення і ўдарных сістэм. І гэта адразу пасля форуму ў Давосе, дзе недаразвітыя палітычныя тусоўшчыкі як мантру паўтаралі: «Каб дамагчыся міру, Расія павінна прайграць».

Мядзведзеў нагадаў, што Расія зʼяўляецца ядзернай дзяржавай. «Пройгрыш ядзернай дзяржавы ў звычайнай вайне можа справакаваць пачатак вайны ядзернай», — заявіў ён.

«Ядзерныя дзяржавы не прайгравалі буйных канфліктаў, ад якіх залежыць іх лёс», — напісаў намеснік старшыні Савета бяспекі ў тэлеграме.

Пра тое, што для міру ў рэгіёне Расія павінна пацярпець паразу ў вайне з Украінай, гаварыў канцлер Германіі Олаф Шольц.

Мядзведзеў апошнім часам вылучаецца агрэсіўнай мілітарысцкай і імперскай рыторыкай.

Nashaniva.com