Легкавік збіў двух дарожнікаў каля Салігорска, адзін застаўся без нагі

Двое дарожных рабочых атрымалі сур'ёзныя траўмы ў выніку аварыі ў Салігорскім раёне, паведамілі ва ўпраўленні ДАІ Мінаблвыканкама.

18.01.2023 / 19:39

ДТЗ адбылося раніцай у аўторак, 17 студзеня, на другім кіламетры дарогі Н-9669.

Паводле звестак ДАІ, 68-гадовы мужчына, які знаходзіўся за рулём машыны Opel Meriva, збіў 46-гадовага рабочага, а затым урэзаўся ў аўтамабіль ГАЗ, які стаяў побач.

У выніку пацярпела двое дарожнікаў — іх хуткая дапамога даставіла ў адну з мясцовых бальніц. Абодва рабочыя былі траўмаваныя, прытым адзін з іх страціў нагу.

Як праінфармавалі ў Дзяржінспекцыі, месца правядзення рамонтных работ на дарозе было пазначана. Па факце аварыі ўжо завялі крымінальную справу.

Nashaniva.com