Дзяржсакратар ЗША збіраецца ў Кітай
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен наведае з візітам Кітай. Гэтую інфармацыю, напярэдадні распаўсюджаную выданнем Politico, 17 студзеня пацвердзіла высокапастаўленая крыніца CNN у Дзярждэпе.
18.01.2023 / 07:59
Энтані Блінкен. Фота: AP Photo / Carolyn Kaster
Візіт Блінкена плануецца на 5-6 лютага. Падчас яго, як чакаецца, амерыканскі дзяржсакратар правядзе перамовы з кіраўніком МЗС Кітая Цынь Ганам.
У Пекіне ўжо афіцыйна заявілі, што вітаюць візіт і што «бакі цяпер абмяркоўваюць асобныя дэталі».
Блінкен стане першым высокапастаўленым прадстаўніком адміністрацыі Джо Байдэна, які наведае Кітай. Апошні раз дзяржсакратар ЗША прыязджаў у Пекін у 2018 годзе, калі прэзідэнтам быў яшчэ Дональд Трамп.
Затое 8 жніўня мінулага года тагачасная спікерка Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэласі наведала Тайвань, які Кітай лічыць сваёй тэрыторыяй, але з канца 1940-х не кантралюе. Тады візіт выклікаў буйны міжнародны скандал, кітайцы нават пагражалі збіць самалёт Пэласі, але ўрэшце вымушаныя былі пакінуць гэты візіт без сур'ёзных наступстваў.