У мінскіх Драздах на Вадохрышча зробяць купель з падагрэвам

Па звестках Таварыства выратавання на водах, акунуцца ў палонку на Вадохрышча плануюць 102 тысячы грамадзян. Купелі з падагрэвам, паводле прадстаўніка Таварыства, будуць размешчаныя ў Мінску ў Драздах і на пляжы №8 у аграгарадку Ждановічы.

16.01.2023 / 21:47

Вадохрышча 2022 года. Чын асвячэння вады каля Храма Усіх Святых у Мінску. Фота: Павел Русак / minsknews.by

«Яны для тых, хто не прывык акунацца ў халодную ваду, але хоча далучыцца да гэтага абраду», — распавёў старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Таварыства выратавання на водах Дзмітрый Стаселька.

Пры гэтым арганізацыя нагадвае: заходзіць у ваду на Вадохрышча можна толькі ў спецыяльна абсталяваных месцах, дзе дзяжураць супрацоўнікі МНС, работнікі хуткай дапамогі і супрацоўнікі міліцыі. Таксама там паставяць намёты для пераапранання і будуць прадаваць ежу і гарачыя напоі.

Nashaniva.com