Прапагандысты падарылі 100-гадоваму ветэрану падушку з цытатай Лукашэнкі

Сёння споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння Яўгеніі Канавалавай — франтавой медсястры ў гады Другой сусветнай вайны. Гэтую нагоду не маглі прапусціць лукашэнкаўскія прапагандысты, якіх сёння ў юбіляркі пабывала нямерана. І сярод іхніх падарункаў былі вельмі дзіўныя.

13.01.2023 / 16:49

Так, на фота, распаўсюджаных дзяржаўнай прэсай, побач з жанчынай заўважаная падушка з цытатай Лукашэнкі «Раздевайся и работай. Никакой чрезвычайщины». Калі ўлічыць узрост жанчыны, выглядае такі падарунак, мякка кажучы, не вельмі дарэчна.

Відаць, самі прапагандысты гэта зразумелі, бо неўзабаве з сайта «Мінскай праўды», дзе гэтае фота спачатку з'явілася, яго выдалілі. Але было яно не толькі там, БелТА сваіх чытачоў таксама паспяшалася пра гэта праінфармаваць.

Дарэчы, былая прэс-сакратарка МУС, а цяпер галоўны ідэолаг Мінска Вольга Чамаданава павіншавала юбілярку і пажадала ёй «жыць больш за сто гадоў». 

Nashaniva.com