Экс-міністра лясной гаспадаркі асудзілі на сем з паловай гадоў калоніі

Экс-міністр лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа прысуджаны да 7,5 года калоніі. Такое рашэнне вынес сёння суд.

12.01.2023 / 12:14

У дзяржабвінавачванні сцвярджаецца, што Дрожжа атрымаў хабар у $30 тысяч ад прадстаўніка замежнай кампаніі. Прычым здарылася гэта яшчэ ў 2020 годзе ці раней.

Раней адзначалася, што Віталь Дрожжа дамовіўся з заснавальнікам і дырэктарам замежнай арганізацыі аб атрыманні хабару за спрыяльнае вырашэнне пытанняў па набыцці сушыльных комплексаў. У злачынную схему нібыта былі ўцягнутыя супрацоўнікі, якія не ведалі пра гэта, а таксама сваячка Дрожжы.

Экс-чыноўнік цалкам прызнаў віну. Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле было 15 гадоў калоніі.

Nashaniva.com