ISW: Расійскія войскі ўсё яшчэ далёкія ад акружэння Бахмута

Прасоўванне расійскіх войскаў у Салядары Данецкай вобласці не гарантуе ім поўнага акружэння Бахмута, дзе цяпер вядуцца найбольш кровапралітныя баі на ўсім фронце, пішуць у штодзённай зводцы эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).

08.01.2023 / 08:47

Нават калі прыняць на веру інфармацыю расійскіх «ваенкараў» пра тое, што расіяне выйшлі з баямі да ўскраін Раздолаўкі (што за 6 км на паўночны захад ад Салядару), яны ўсё роўна яшчэ далёкія ад таго, каб узяць Бахмут у аператыўнае акружэнне, гаворыцца ў зводцы.

Таксама аналітыкі ISW пішуць, што ў гэтай вайне Расія працягвае выкарыстоўваць у якасці зброі тэму рэлігіі. Так, расійскія вайсковыя блогеры ў суботу, 7 студзеня, актыўна распаўсюджвалі кадры каляднай службы ў Кіева-Пячэрскай лаўры, дзе прысутнічалі шматлікія супрацоўнікі ўкраінскіх сілавых структур. Расійскія прыхільнікі вайны падаюць гэта як прыкмета ганенняў на царкву, пішуць, што Лаўру «захапілі ерэтыкі» і да таго падобнае. Гэтым разам каляднае набажэнства ў Кіева-Пячэрскай лаўры ўпершыню прайшло не пад эгідай Маскоўскага патрыярхату.

Акрамя гэтага, у сённяшняй зводцы аналітыкі ISW зноў звяртаюць увагу на тое, што расійскі арсенал дальнабойных балістычных і крылатых ракет працягвае скарачацца. Нягледзячы на гэта, пішуць эксперты, Расія, па ўсёй бачнасці, пакуль працягне пагражаць украінскай інфраструктуры і мірнаму насельніцтву.

Nashaniva.com