У Варшаве абрабавалі бар, якім валодае беларус

У Варшаве абрабавалі бар Karma, заснавальнікам якога з'яўляецца беларус Глеб Кавалёў. Раней бар працаваў у Мінску, пазней — у Кіеве, а пасля расійскага ўварвання ва Украіну ўстанова адкрылася ў Польшчы, піша Reform.by.

05.01.2023 / 21:14

Фота: instagram.com/karma7warsaw

Па словах супрацоўнікаў, інцыдэнт адбыўся 4 студзеня.

«Учора ўвечары некалькі рабаўнікоў праніклі ў наш бар праз шкляныя дзверы: яны разбілі шкляную панэль, каб патрапіць уcярэдзіну, скралі 500 злотых з касы і некалькі бутэлек віскі, пасля чаго зніклі. Мы адразу ж звярнуліся ў паліцыю», — распавялі ва ўстанове.

Фота: instagram.com/karma7warsaw

«Як вы, напэўна, ужо ведаеце, мы будуем новае памяшканне наверсе — большая частка нашых рэсурсаў накіраваная на гэта. У дадатак да ўсяго, «Карме» прыйшлося за свой кошт замяніць амаль усю праводку ў бары, хоць грошы на гэта павінны былі паступіць з муніцыпальнага бюджэту. Такім чынам, так, гэта было вельмі няпроста. І так як цяпер зіма, мы не можам працаваць на поўную сілу. Каб паправіць вокны і пакрыць страты, нам трэба 2000 злотых. Калі вы можаце ахвяраваць любую суму грошай — нават 5—10 злотых — мы будзем вам вельмі ўдзячныя. Мы будзем збіраць сродкі праз Revolut (наш Revtag — @hlebblj30)», — гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным у інстаграм-акаўнце бара.

Nashaniva.com