Ціханоўскую запрасілі на Давоскі форум
Святлану Ціханоўскую запрасілі выступіць на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе, які пройдзе з 16 па 20 студзеня, паведамляе яе прэс-служба.
03.01.2023 / 18:21
Фота: Дзіяна Алясюк via Офіс Святланы Ціханоўскай
Плануецца, што Святлана Ціханоўская будзе выступаць на галоўнай сцэне разам з кіраўнікамі дзяржаў. Яна, як паведамляецца, плануе звярнуць увагу на ролю Беларусі ў новай архітэктуры бяспекі ў Еўропе, недапушчэнне выкарыстання беларускай тэрыторыі ў вайне супраць Украіны, сітуацыю з палітвязнямі і палітычныя рэпрэсіі.
Афіцыйныя беларускія дэлегацыі не запрашаліся да ўдзелу ў найпрэстыжнейшым Давоскім эканамічным форуме з 1992 года, калі Беларусь прадстаўляў на ім Станіслаў Шушкевіч.