У Магілёве лясніцтвы адкрылі краму не дзеля грошай, а для выканання даручэння ўрада

Міністэрства лясной гаспадаркі ўступіла ў бітву з прыватным бізнэсам у галіне рэалізацыі прадуктаў дрэваапрацоўкі. У Магілёве на вуліцы Пысіна адкрыўся першы гандлёвы аб'ект, у якім будзе прадукцыя з 13 лясгасаў Магілёўшчыны — кроквенныя сістэмы, дошкі для падлог, вагонка, пасадачны матэрыял, дошкі для плоту, вырабы з дрэва і нават колатыя дровы, піша Магілёў.Media.

03.01.2023 / 18:02

Па словах генеральнага дырэктара Магілёўскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Сяргея Максімовіча, гэтая гандлёвая сетка «будзе садзейнічаць насычэнню ўнутранага рынку леса– і пілапрадукцыяй, насельніцтву прапануюць поўны асартымент прадукцыі, неабходнай для будаўніцтва, а адной з умоў функцыянавання аб’екта стане цэнавая даступнасць».

«Мы не прыйшлі зарабляць тут вялікіх грошай, нам трэба стабільная рэалізацыя нашай прадукцыі паводле даручэння ўрада»,

— пракаментаваў адкрыццё аб’екта Уладзімір Касянкоў, дырэктар Клічаўскага лясгаса, які і адкрыў краму ў Магілёве.

Касянкоў заявіў, што тавар на аб’екце будзе як мінімум на 20% таннейшы, чым на іншых пляцоўках, а рэнтабельнасць тавараў, што будуць рэалізоўвацца, не перавысіць 5 працэнтаў.

Nashaniva.com