Гаспадар баранавіцкай крамы нацыянальнай сімволікі «Росквіт» Юрый Казакевіч вымушана з'ехаў з Беларусі

Раней яго неаднаразова затрымлівалі, а сацсеткі крамы прызналі «экстрэмісцкімі».

02.01.2023 / 20:09

Пра ад'езд Казакевіч паведаміў тэлеграм-каналу «Позірк».

Казакевіч лічыць, што ягоны пераслед звязаны не толькі з пратэстамі, а «было стабільнае адчуванне, што ціск звязаны менавіта з працай крамы».

Паводле яго слоў, пачаліся праверкі ДФР, падатковай, пагрозы завядзення крымінальных спраў.

«Калі я выйшаў пасля чарговага затрымання за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў», крама была ўжо зачыненая. Мне далі 10 дзён на вываз тавару. Паралельна міліцыянеры прымушалі выдаліць усе фота– і відэаматэрыялы пра краму з інтэрнэту, старонкі ў сацсетках», — распавёў Казакевіч.

Пасля гэтага яго запрасілі ў падатковую, дзе завялі справу за нібыта незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Адной з падстаў стала тое, што «Росквіт» працягваў працаваць тыя некалькі дзён, пакуль гаспадар знаходзіўся за кратамі.

Nashaniva.com