Галівудскі акцёр Джэрэмі Рэнер у крытычным стане. З ім здарыўся няшчасны выпадак падчас уборкі снегу

Амерыканскі акцёр, вядомы па ролі Сакалінага вока ў фільмах па сусвеце Marvel, пацярпеў у выніку няшчаснага выпадку, які адбыўся падчас уборкі снегу. Пра гэта паведамляюць Variety і Deadline са спасылкай на прадстаўніка акцёра.

02.01.2023 / 12:12

«Мы можам пацвердзіць, што Джэрэмі знаходзіцца ў крытычным, але стабільным стане з траўмамі, атрыманымі ў выніку няшчаснага выпадку падчас уборкі снегу», — сказаў прадстаўнік акцёра.

Ён дадаў, што акцёр знаходзіцца ў бальніцы, дзе «атрымлівае выдатны догляд». Якія траўмы атрымаў акцёр, невядома. Што менавіта з ім адбылося, таксама не паведамляецца.

Deadline паведамляе, што Рэнер быў дастаўлены ў шпіталь верталётам.

Джэрэмі Рэнер — двухразовы намінант на прэмію «Оскар» за галоўную ролю ў фільме «Уладар буры» і ролю другога плана ў «Горадзе злодзеяў». Ён таксама здымаўся ў фільмах «Паляўнічыя на ведзьмаў», «Місія невыканальная: Пратакол Фантом» і шасці фільмах Marvel.

Nashaniva.com