«На фота слядоў паражэння няма»: вайсковец высмеяў заяву Мінабароны пра «збітую ўкраінскую ракету»

Беларускае Мінабароны пасля пяцігадзіннага роздуму аб прыродзе з'яўлення абломкаў у полі пад вёскай Гарбаха Янаўскага раёна заявіла, што гэта ўкраінская зенітная ракета, якую збілі беларускія СПА. Вайскоўцы, з якімі звязалася «Наша Ніва», у гэтую версію не вераць. 

01.01.2023 / 15:10

Украінская зенітная ракета ад С-300 упала сёння раніцай у полі каля вёскі Гарбаха Янаўскага раёна. Адбылося гэта падчас масіраванай ракетнай атакі Расіі па ўкраінскай інфраструктуры. Украінскі бок сцвярджае, што было выпушчана 69 ракет, 54 з якіх украінская супрацьпаветраная абарона збіла. Комплексы С-300 складаюць касцяк украінскай проціракетнай абароны. 

Найбольш падобна, што і гэтая ракета, якая, па заявах прапагандыстаў, мае ўкраінскае паходжанне, таксама збівала расійскую ракету. 

Калі аналагічная сітуацыя здарылася ў Польшчы, куды ўпала ўкраінская ракета ад С-300, лукашэнкаўская прапаганда троліла палякаў, што ў тых нібыта кепская супрацьпаветраная абарона, якая не заўважыла ракету.

Сёння ж аналагічная сітуацыя здарылася ў Беларусі, але блокі ракеты прызямліліся на поле, а не на пабудовы.

Першая інфармацыя пра гэта прыйшла ў інтэрнэт-паблікі, і толькі праз 5 гадзін пасля падзеі Мінабароны заявіла аб «збітай сіламі беларускай СПА ўкраінскай ракеце».

«На апублікаваных фота няма ніякіх прыкмет таго, што ракета была збітая», — сказаў «Нашай Ніве» дзейны вайсковец. 

«На апублікаваных фота няма слядоў паражэння сродкамі супрацьпаветранай абароны, прынцып дзеяння якіх у паражэнні цэлі свайго роду «шрапнэллю». 

На прыведзеных БелТА фота я не бачу прыкмет паражальнага ўздзеяння на ракету, а бачу толькі дэфармаваную ад удару аб зямлю рухальную частку ракеты С-300. 

Было б цікава прачытаць у паведамленні прэс-службы Мінабароны Беларусі, якім менавіта сродкам СПА ім удалося ювелірна спусціць на зямлю ўкраінскую ракету, не пакінуўшы на ёй звыклых слядоў ні на адным з зафіксаваных на фота бакоў», — дадаў афіцэр. 

Прыклад шрапнельных элементаў ракет супрацьпаветранай абароны, якія з'яўляюцца галоўным сродкам паражэння паветраных цэляў 

Nashaniva.com