Лукашэнкаўцы зноў прапанавалі Мінск як пляцоўку для перамоў па Украіне

Афіцыйныя прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі зноў заяўляюць, што бачаць Беларусь як пляцоўку для перамоў па Украіне. Пра гэта сказаў намеснік міністра замежных спраў Ігар Назарук, якога цытуе «Беларусь сегодня».

28.12.2022 / 18:16

«Мінск неаднаразова выконваў высакародную місію быць месцам для перамоў, для вырашэння вельмі сур'ёзных канфліктных сітуацый. Мы і зараз прапануем сябе ў такой якасці, гэта нядаўна пацвердзілі прадстаўнікі Ватыкана».

Таксама Назарук выказаў незадавальненне тым, што афіцыйны Кіеў апошнім часам скасаваў 20 ранейшых дамоў з Беларуссю.

«На жаль, кіраўніцтва Украіны выбрала не той шлях. Гэта курс на дэградацыю нашых адносін, на дэмантаж нашага прававога поля», — лічыць Назарук.

Ён сказаў, што ўсе дзеянні ўкраінскага боку па выхадзе з пагадненняў, заключаных з беларускім бокам, робяцца ў аднабаковым парадку.

«Лёгка абарваць сувязі. Вельмі складана іх потым наладжваць», — дадаў ён, заявіўшы, што «Беларусь заўсёды з'яўлялася ключавым элементам на еўрапейскай карце бяспекі».

Nashaniva.com