Кіеў пра выбухі на аэрадроме Энгельс: Калі расіяне думалі, што нікога ў глыбокім тыле вайна не закране, то яны памыляліся

Выбухі на расійскім вайсковым аэрадроме Энгельс у Кіеве назвалі «наступствамі расійскай агрэсіі супраць Украіны».

26.12.2022 / 16:40

Фота: Maxar Technologies

«Гэта наступства таго, што Расія творыць на нашай зямлі. Калі расіяне думалі, што нікога ў глыбокім тыле вайна не закране, то яны памыляліся», — заявіў спікер камандавання паветраных сіл Узброеных сіл Украіны Юрый Ігнат.

Ён адзначыў, што даведацца пра «рэальныя наступствы выбухаў» можна будзе толькі праз некалькі дзён, калі з'явяцца спадарожнікавыя здымкі аэрадрома.

У ноч на панядзелак з'явіліся паведамленні відавочцаў аб выбуху (або некалькіх выбухах) паблізу аэрадрома ў горадзе Энгельсе Саратаўскай вобласці. У Энгельсе размешчана авіябаза ВКС Расіі, дзе, паводле адкрытых даных, базуюцца стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі далёкай авіяцыі Ту-160 і Ту-95МС.

У панядзелак раніцай Міністэрства абароны Расіі паведаміла, што над аэрадромам быў збіты ўкраінскі беспілотнік. Таксама ведамства паведаміла пра гібель траіх вайскоўцаў, як сцвярджаецца, «у выніку падзення абломкаў».

Nashaniva.com