У ЗША лютыя маразы. Больш за 20 чалавек загінулі, паўтара мільёна жыхароў апынуліся без святла

Магутны зімовы шторм, які прынёс моцны мароз і вялікія ападкі, ахапіў большую частку тэрыторыі ЗША, на якой пражывае каля 250 млн чалавек, гэта амаль дзве траціны насельніцтва краіны, піша Бі-бі-сі.

25.12.2022 / 13:04

Папярэджанні аб экстрэмальных умовах надвор'я дзейнічаюць у 12 штатах ЗША.

На свежай мапе Нацыянальнага ўпраўлення акіянічных і атмасферных даследаванняў (NOAA) бачна, як замяло Амерыку напярэдадні Калядаў.

Выява NOAA для AP

Моцныя маразы, шквалісты вецер і магутныя снегапады сталі прычынай гібелі 23 чалавек. Больш за паўтара мільёна жыхароў краіны засталіся без электрычнасці.

Магутны зімовы шторм ахапіў тэрыторыю ў 3200 км — ад Тэхаса да Квебека. «Выбухны цыклон» прынёс моцныя завеі на мяжу ЗША і Канады, у раён Вялікіх азёр. Значная тэрыторыя Канады таксама апынулася пад уладай зімовага шторму.

Нацыянальная метэаралагічная служба ЗША канстатуе, што гэта першае настолькі маштабнае наступленне халадоў за ўсю гісторыю назіранняў.

Тэмпература паветра ў штаце Мантана ў пятніцу апускалася да мінус 45 градусаў. У Мічыгане ў пятнічную ноч тэмпература апусцілася да мінус 17 градусаў.

Магутныя снегапады прагназуюцца ў Пенсільваніі.

У Сіэтле і Портлендзе жыхары коўзаюцца па ледзяной глазуры, якая пакрыла вуліцы гарадоў.

Сярод ахвяр зімовага шторму — загінулыя ў ДТЗ людзі. Сітуацыя на дарогах значна ўскладнілася. Так, у штаце Агаё сутыкнуліся адразу 50 машын, ахвярамі буйнога ДТЗ сталі чатыры матацыклісты.

Амаль 6000 авіярэйсаў былі скасаваныя ў пятніцу ў ЗША, сведчаць звесткі сайта FlightAware. Таксама вядома аб адмене 1200 авіярэйсаў у суботу.

Гэтае Раство можа стаць самым халодным у ЗША за апошнія тры дзесяцігоддзі, лічаць сіноптыкі.

Nashaniva.com