У Косаве адкрылі адрамантаваны палацава-паркавы ансамбль

У цырымоніі адкрыцця і ўводу ў эксплуатацыю Косаўскага палацава-паркавага ансамбля прынялі ўдзел міністр культуры Анатоль Маркевіч і старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка. Сёння ў палацы праходзіць таксама навагодні баль для студэнтаў.

23.12.2022 / 16:56

Рэканструкцыя комплексу пачалася ў 2008 годзе. Спецыяльная камісія ЮНЕСКА прызнала палац перспектыўным міжнародным турыстычным аб'ектам і выдзеліла на падрыхтоўчыя работы па яго аднаўленні грант у 50 тысяч даляраў.

Ужо ў 2017 годзе адкрылася першая экспазіцыя, у 2020-м прынялі першых наведвальнікаў рэстаран «Граф Пуслоўскі» і гатэль «Пуслоўскіх».

Косаўскі замак абавязаны сваім існаваннем роду Пуслоўскіх. Адзін з яго прадстаўнікоў, Вандалін Пуслоўскі, атрымаўшы ў спадчыну ад бацькі маёнтак у Мерачоўшчыне, заклаў тут палац у неагатычным стылі. Будаўніцтва працягвалася 12 гадоў — з 1838-га па 1850-ты. Побач з палацам месцілася сядзіба, дзе ў 1746 годзе нарадзіўся будучы кіраўнік нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 года Тадэвуш Касцюшка.

Nashaniva.com