Супраць крымскага выкладчыка, які слухаў са студэнтамі песню пра «Байрактар», распачалі справу аб паўторнай «дыскрэдытацыі» арміі

Супраць былога выкладчыка Белагорскага тэхнікума Андрэя Белазёрава распачалі крымінальную справу аб паўторнай «дыскрэдытацыі» расійскай арміі. Падставай для справы стаў допіс Белазёрава ад 9 кастрычніка, у якім гаварылася, што расійская армія восем гадоў бамбіла «нявінных дзяцей і жанчын Украіны на Данбасе, паварочваючы гарматы з перадавой у бок Данецка», а апошнія паўгода «бамбіць украінскія гарады і забівае ўкраінскіх жыхароў».

23.12.2022 / 16:48

У Белазёрава ўжо быў адзін пратакол па адміністрацыйным артыкуле аб «дыскрэдытацыі» арміі ў верасні — падставай для гэтага стаў відэазапіс, на якім ён з некалькімі студэнтамі глядзеў ролік з украінскай песняй пра беспілотнік «Байрактар». Яго абвінавацілі таксама ў дэманстрацыі нацысцкай сімволікі і арыштавалі на 13 сутак.

У канцы кастрычніка Белазёрава зноў абвінавацілі ў распаўсюдзе нацысцкай сімволікі з-за допісу з украінскай песняй «Червона Каліна» ва «УКантакце» і арыштавалі на 14 сутак.

Да следчага Белазёраў, як піша «АУС-Інфа», прыйшоў пасля таго, як той выклікаў яго па тэлефоне. Цэнтральны раённы суд Сімферопаля сёння выбера яму меру стрымання.

Nashaniva.com