У Расіі анансавалі на 2023 год новыя супольныя з Беларуссю маштабныя вайсковыя вучэнні

Начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Расіі, першы намеснік міністра абароны Валерый Герасімаў заявіў, што ў наступным годзе на супольныя з Беларуссю вайсковыя вучэнні плануюць запрасіць вайсковыя кантынгенты з іншых краін-партнёрак. Вучэнняў плануецца правесці два.

22.12.2022 / 18:15

Фота з вучэнняў «Саюзная рашучасць», якія адбываліся на тэрыторыі Беларусі ў пачатку 2022 года

«У наступным годзе асноўнымі мерапрыемствамі падрыхтоўкі Узброеных сіл стануць манеўры войскаў і сілаў «Захад-2023» і супольныя аператыўныя вучэнні Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі «Шчыт Саюза — 2023», — паведаміў Валерый Герасімаў на брыфінгу для вайсковых аташэ замежных дзяржаў.

Паводле яго, для супольных дзеянняў у складзе Кааліцыйнай групоўкі войскаў «на манеўры прадугледжваецца запрасіць вайсковыя кантынгенты з узброеных сіл краін дзяржаў-партнёрак». Якія менавіта гэта будуць дзяржавы, Герасімаў не ўдакладніў.

У канцы 2021-га і пачатку 2022 года Расія праводзіла супольныя з Беларуссю вучэнні «Саюзная рашучасць», якія скончыліся ўварваннем ва Украіну 24 лютага, у тым ліку і з тэрыторыі Беларусі.

Nashaniva.com