У Марыупалі з пачатку вайны знойдзена не менш за 10 тысяч новых магіл

Не менш за 10 300 новых магіл, якія з'явіліся ў Марыупалі з пачатку расійскай агрэсіі, выявілі журналісты Associated Press. У сваім расследаванні яны выкарыстоўвалі спадарожнікавыя здымкі, сотні відэа, знятых як з беспілотнікаў, так і з зямлі, а таксама інтэрв'ю з 30 марыупальцамі, 13 з якіх застаюцца ў горадзе.

22.12.2022 / 15:16

Праўдзівасць праведзенага аналізу пацвердзілі AP тры вопытныя судовыя археолагі.

На некаторых магілах устаноўлены драўляныя крыжы з імёнамі і датамі, але большасць адзначана толькі шыльдамі з імёнамі і датамі.

У некаторых насыпаў некалькі таблічак, а значыць, у кожнай магіле можа быць пахавана некалькі цел, адзначае агенцтва. Акрамя таго, ля Марыупаля ёсць як мінімум тры траншэйныя пахаванні, адно з якіх стварылі самі ўкраінцы ў пачатку аблогі горада.

У распараджэнні AP ёсць відэа, на якіх расійскія вайскоўцы капаюць доўгія траншэі з дапамогай спецтэхнікі, а потым засыпаюць іх зямлёй.

Пры гэтым журналісты, абапіраючыся на сведчанні відавочцаў, мяркуюць, што тысячы целаў забітых у выніку баявых дзеянняў у Марыупалі нават не патрапілі на могілкі.

Nashaniva.com