Брытанская разведка: Расійскіх рэзервістаў навучаюць беларусы, і гэта — крок адчаю з боку Расіі

Брытанская разведка ў сваёй ранішняй зводцы на 302-гі дзень вайны аналізуе ваеннае супрацоўніцтва Расіі і Беларусі і знаходзіць у ім новыя грані, што сведчаць аб праблемах у расійскай арміі.

22.12.2022 / 14:36

Фота: AP

19 снежня Уладзімір Пуцін з'ездзіў у Мінск на перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам. Сярод іншага яны размаўлялі пра магчымасць стварэння адзінай абароннай прасторы.

Расія і Беларусь адкрыта і шырока гавораць аб разгортванні расійскіх падраздзяленняў у Беларусі. Але, магчыма, нядаўна беларускія вайскоўцы ўзялі на сябе больш сакрэтную місію па навучанні тысяч нядаўна мабілізаваных расійскіх рэзервістаў.

Мяркуючы па ўсім, такім чынам Расія спрабуе папоўніць недахоп уласных ваенных інструктараў, многія з якіх ваююць ва Украіне ці загінулі.

Хоць Расія і Беларусь маюць шырокі досвед вайсковага супрацоўніцтва, навучанне мабілізаваных расійскіх вайскоўцаў беларусамі — унікальная сітуацыя. Расія заўсёды традыцыйна лічыла, што беларускія сілы саступаюць расійскім, і іх прыцягненне ў якасці інструктараў ёсць прыкметай перанапружання расійскай вайсковай сістэмы, падкрэслівае брытанская разведка. 

Nashaniva.com