У вайберы зламыснікі крадуць акаўнты. Яны мімікруюць пад вядомыя гіпермаркеты

Міліцыя з пачатку снежня зафіксавала некалькі дзясяткаў выпадкаў крадзяжоў уліковых запісаў грамадзян. Аферысты атрымліваюць доступ да іх з дапамогай фішынгавых спасылак у выглядзе промакода ад вядомых анлайн-гіпермаркетаў.

22.12.2022 / 10:46

У вайберы пацярпелым прыходзіць апавяшчэнне «Атрымай купон ад 10 да 50 рублёў у анлайн-гіпермаркеце». Для гэтага трэба перайсці па спасылцы і ўвесці свой нумар тэлефона. Далей на прыладу прыходзіць апавяшчэнне з кодам, карыстальнік уводзіць яго, пасля чаго зламыснікі атрымліваюць доступ да акаўнта і дэактывуюць яго на прыладзе ахвяры.

Затым кібермахляры тэлефануюць беларусам з выкрадзеных нумароў і пад рознымі падставамі ўгаворваюць аформіць на сваё імя крэдыт.

Каб не стаць ахвярай кібермахляроў, ні ў якім выпадку:

— не адкрываць спасылкі, адпраўленыя невядомымі карыстальнікамі;

— не пацвярджаць актывацыю доступу да ўліковага запісу для незнаёмых прылад;

— не паведамляць незнаёмцам разавыя паролі і коды доступу з апавяшчэнняў;

— не перадаваць пашпартныя звесткі, рэквізіты банкаўскіх карт і іншую канфідэнцыйную інфармацыю.

Nashaniva.com