Мінская Камароўка разыгрывае ў конкурсе 23 кілаграмы сала

Мінскі Камароўскі рынак да калядных і навагодніх святаў зладзіў розыгрыш прадуктаў. У спісе падарункаў 23 кілаграмы сала, столькі ж садавіны і агародніны. Правілы ўдзелу ў конкурсе размясцілі ў інстаграме Камароўкі.

20.12.2022 / 19:21

Паводле ўмоў конкурсу, з 20 снежня да 7 студзеня трэба нешта купіць на галоўным сталічным рынку, пасля зрабіць фота з прадаўцом, размясціць фатаграфію ў сторыс і зарэгістравацца на @komarovka.by.

Таксама арганізатары просяць адзначыць у каментарах пад постам сяброў з хэштэгам #вновыйгодскомаровкой, а яшчэ падпісацца на акаўнт @komarovka.by. Важна, каб акаўнт быў адкрытым.

Вынікі конкурсу падвядуць у жывым эфіры акаўнта 7 студзеня з дапамогай праграмы выпадковага генератара лічбаў.

Уладальнік першага месца атрымае 23 кг гародніны, за другое месца ўручаць 23 кіло садавіны, а за трэцяе — 23 кг сала.

Дарэчы, падобны розыгрыш для пакупнікоў Камароўка праводзіць не ўпершыню. Так у 2018 годзе рынак таксама ўручыў сала самаму актыўнаму падпісчыку ў Instagram. А ўмовай перамогі было самае крэатыўнае фота кампазіцыі з кавалкаў сала з мясной праслойкай з ёлачнымі цацкамі. Праўда, памер смачнага прыза быў куды больш сціплы — усяго 10 кілаграм.

Nashaniva.com