У Чувашыі загарэўся газаправод, які пампуе газ у Еўрасаюз

У Чувашыі загарэўся магістральны газаправод Урэнгой—Памары—Ужгарад, па якім газ з Заходняй Сібіры праз Украіну пастаўляецца ў Еўропу. У расійскім МНС паведамілі, што пажар на газаправодзе пачаўся падчас правядзення планавых рамонтных работ. Ці пацерпяць ад аварыі пастаўкі еўрапейскім спажыўцам, пакуль невядома.

20.12.2022 / 17:35

Выбух і моцны пажар адбыліся на ўчастку газаправода каля вёскі Ямбахціна ў Вурнарскім раёне Чувашыі. Пры выбуху загінулі тры чалавекі, яшчэ адзін знаходзіцца ў шокавым стане, паведаміў кіраўнік Чувашыі Алег Нікалаеў.

Горит газопровод в Вурнарском районе Чувашии. Перед пожаром прогремел взрыв. pic.twitter.com/2xV5U038a4

— SOTA (@Sota_Vision) December 20, 2022

У сацсетках з'явіліся фота і відэа вялізнага полымя побач з вёскай. Шум ад палаючага газу быў чутны за кіламетры.

«Гэта было страшней, чым на відэа. У вёсцы Ямбахціна да вокнаў падысці было немагчыма — усё гарачае было. Выбух быў вельмі гучны. Супрацоўнікі напалохаліся — у нас школа і дзіцячы сад побач, яны пабеглі туды на выпадак, калі эвакуяваць давядзецца. Дзякуй богу, абышлося», — распавяла «РІА Навіны» кіраўніца Калінінскага сельскага пасялення Вольга Смірнова (у яго склад уваходзіць вёска).

Урэнгой—Памары—Ужгарад — гэта першы транскантынентальны газаправод, пабудаваны ў 1983 годзе для паставак у краіны Цэнтральнай і Заходняй Еўропы. Газ па ім ідзе праз кантрольна-вымяральную станцыю «Суджа» на мяжы Украіны і Курскай вобласці. У гэты ж пункт прыходзіць газаправод «Прагрэс». Другі ўваход ва ўкраінскую газатранспартную сістэму «Сахранаўка», куды ідзе газаправод «Саюз», цяпер не выкарыстоўваецца. Не працуе і марскі шлях пастаўкі газу пасля выбухаў на газаправодах «Паўночны паток».

Што стала прычынай выбуху ў Чувашыі, пакуль не вядома. Факельнае гарэнне газу ліквідавана, заявілі ў МНС.

Ці паўплывае аварыя на пастаўкі газу ў Еўропу, таксама пакуль не зразумела. Хоць газ у Еўропе ўжо падаражэў, адзначае выданне The Bell. Паколькі труба Урэнгой—Памары—Ужгарад забяспечвае пастаўкі праз адзіны пакінуты ўваход для транзіту расійскага газу ў Еўропу праз Украіну, біржавыя каціроўкі на газавым хабе TTF на навіны пра пажар у Чувашыі падскоквалі амаль на 10%, потым скарэктаваліся да 4%.

Пакуль што пастаўка газу спажыўцам працягваецца па паралельных газаправодах, паведамілі ў ТАА «Газпрам Трансгаз Ніжні Ноўгарад» пасля выбуху на магістральным газаправодзе ў Чувашыі.

«Транспарціроўка газу спажыўцам забяспечваецца ў поўным аб'ёме па паралельных газаправодах. Аварыйная брыгада ТАА «Газпрам Трансгаз Ніжні Ноўгарад» аператыўна прыбыла на месца здарэння і вядзе падрыхтоўку да аднаўленчых работ. Прычыны здарэння ўстановіць спецыяльна створаная камісія», — гаворыцца ў паведамленні кампаніі.

Nashaniva.com