За абразу Лукашэнкі і дзяржсімвалаў «афганца» з Баранавіч асудзілі на тры гады «хіміі»

У судзе Баранавіцкага раёна і Баранавіч вынесены прысуд Генадзю Борысу, абвінавачанаму ў абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса) і знявазе дзяржаўных сімвалаў (арт. 370), піша «Вясна».

20.12.2022 / 08:51

Справу разглядала суддзя Іна Паўлоўская, абвінаваўца — Лышык.

Генадзя Борыса затрымалі ўзброеныя амапаўцы 9 жніўня 2022 года ў Баранавічах на вуліцы Паркавай. 10 жніўня яму прысудзілі 800 рублёў штрафу за лайк пад інфармацыяй з экстрэмісцкага сайта (арт. 19.11 КаАП — «Выраб, распаўсюд і (альбо) захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў»).

Генадзь да суда знаходзіўся ў СІЗА.

Па матэрыялах абвінавачання, 55-гадовы ветэран вайны ў Афганістане Генадзь Борыс 26 студзеня 2021 года ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» на сваёй старонцы ў адкрытым доступе размясціў выяву ў чырвона-зялёным колеры са свастыкай з нацыянальным арнаментам, тым самым, на думку суда, цынічна зняважыў дзяржаўны сімвал — сцяг.

Ён жа ў той самы дзень на сваёй старонцы размясціў выяву Аляксандра Лукашэнкі ў вайсковым мундзіры на фоне свастыкі.

Наступны эпізод справы тычыцца 26 ліпеня 2022 года. Ізноў жа ў «Аднакласніках» Борыс размясціў тэкставае паведамленне, у якім пазначыў, што «шукаецца тэрарыст №1», і што за яго затрыманне будзе сабраная сума ў 1 мільён еўра. Далей ён піша, што ўжо зарэзервавана 586 000 еўра.

Сваю віну ў здзейсненым абвінавачаны прызнаў.

Абвінаваўца запрасіў для Генадзя Борыса абмежаванне волі ва ўстанове адкрытага тыпу («хімія») тэрмінам на тры гады і шэсць месяцаў.

Суд паменшыў гэты тэрмін на паўгода і прысудзіў тры гады «хіміі».

Генадзя Борыса вызвалілі з-пад варты ў зале суда.

Nashaniva.com