УСУ: У Мелітопалі акупанты паўтараюць херсонскі сцэнарый

У Сілах абароны поўдня бачаць прыкметы, што ў дачыненні да часова акупаванага Мелітопаля расійскія захопнікі дзейнічаюць паводле таго ж сцэнарыя, па якім адыходзілі з Херсона, паведаміла начальніца аб'яднанага каардынацыйнага прэс-цэнтра Сіл абароны поўдня Украіны Наталля Гумянюк у эфіры тэлеканала «24».

19.12.2022 / 19:18

«У прынцыпе, усё па тым жа сцэнары, як было і на правым беразе. Напэўна, ён (сцэнар) ім вельмі спадабаўся. Яны спачатку канцэнтраваліся вакол Херсона, будавалі (ўмацаванні), потым паведамлялі, што яны пакідаюць некаторыя населеныя пункты, потым рыхтаваліся да вулічных баёў, потым расказвалі, што ўсё яшчэ не страчана, потым выносілі з банкаў і іншых устаноў тое, што лічылі каштоўным.

У прынцыпе, усё паўтараецца, яны любяць наступаць на тыя ж граблі, таму хай працуюць па тым жа сцэнары, мы прынамсі ведаем, чым гэта ўсё скончыцца», — заявіла прэс-сакратарка.

Гумянюк адзначыла, што акупанты цяпер спрабуюць уладкаваць лінію абароны на пазіцыях углыб тэрыторыі на левым беразе Дняпра і хоць пра нешта даць справаздачу перад сваім кіраўніцтвам.

Паводле звестак мэра Мелітопаля, расійскія захопнікі рыхтуюцца да вулічных баёў у часова акупаваным горадзе — у цэнтры ставяць бетонныя пірамідальныя супрацьтанкавыя збудаванні, вядомыя як «зубы дракона».

Nashaniva.com