На волю выйшаў кобрынец Віталь Жук. Пакуль ён сядзеў, ціснуць пачалі на жонку

Палітзняволенага кобрынца Віталя Жука асудзілі на 1,5 года калоніі за каментар пра Лукашэнку па арт. 368 КК. У бабруйскай калоніі палітвязня некалькі разоў змяшчалі ў штрафны ізалятар, а потым адправілі ў ПКТ на пяць месяцаў — да заканчэння тэрміну. 

17.12.2022 / 18:38

17 снежня палітвязень выйшаў на волю з папраўчай калоніі № 2, паведамляюць праваабаронцы.

Пакуль ён сядзеў, ціснуць пачалі на яго жонку Маргарыту Касабуцкую. Па розных падставах сілавікі прыходзілі да яе некалькі разоў. Чарговы ператрус у сям'і быў 23 лютага. Падчас яго стала зразумела, што жанчыну таксама падазраюць у абразе Лукашэнкі за фразу «Лукашэнка — нелегітымны прэзідэнт». На ператрус сілавікі прыйшлі разам з органамі апекі, але забраць дзяцей не ўдалося, бо іх да сябе ўзяла бабуля. Саму Маргарыту не затрымалі. Паводле даных брэсцкай «Вясны», цяпер жанчына ў бяспецы.

Nashaniva.com