«Ішоў на гэта свядома»: за абразу Лукашэнкі і знявагу дзяржсімвалаў пакаралі жыхара Баранавіч

Суд Баранавічскага раёна і горада Баранавічы пад старшынством суддзі Іны Паўлоўскай разгледзеў 7 снежня крымінальную справу 50-гадовага Віталя Корсака.

13.12.2022 / 16:17

Яго абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368) і здзеку з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370), паведамляе «Вясна».

У ходзе судовага следства ўстаноўлена, што Корсак у студзені 2022 года ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» на сваёй персанальнай старонцы ў адкрытым доступе размясціў фотавыяву Аляксандра Лукашэнкі з абразамі, а таксама апублікаваў выяву нацысцкай сімволікі ў колерах дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь.

На судовым пасяджэнні мужчына растлумачыў, што разумеў значэнне размешчанага малюнка і ішоў на гэта свядома.

Суд пастанавіў па сукупнасці злачынстваў прызначыць канчатковае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін два гады з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Nashaniva.com