Хітрасці рэкламнай гульні? Затрыманы намеснік старшыні праўлення Белаграпрамбанка Віталь Крук

Прыярытэтнай версіяй затрымання сярод супрацоўнікаў лічыцца нібыта створаная Круком схема, у якой пераможцамі рэкламнай гульні банка з буйнымі прызамі станавіліся асобы, блізкія да банкіра. 

13.12.2022 / 15:19

Фота: БелТА

Як стала вядома «Нашай Ніве», нядаўна на працоўным месцы быў затрыманы Віталь Крук — намеснік старшыні праўлення Белаграпрамбанка. 

Гэтую інфармацыю нам паведамілі дзве не звязаныя між сабой крыніцы. 

Прыярытэтная версія затрымання, якая цыркулюе ў калектыве, — нібыта створаная Круком схема, па якой пераможцамі рэкламнай гульні банка «Юбілейны ураджай прызоў» станавіліся блізкія да банкіра асобы. 

Затрыманне Крука па часе супала з выхадам з СІЗА былога старшыні і віцэ-старшыні Белаграпрамбанка Уладзіміра Падкавырава, якога затрымлівалі напачатку 2021-га. 

Таксама вядома пра затрыманне некаторых блізкіх Круку асоб. 

Топ-прызамі ў «Юбілейным ураджаі прызоў» былі кватэры і машыны. 

Для ўдзелу ў гульні трэба было быць укладчыкам банка. 

Nashaniva.com