Мінчуку далі тры гады «хатняй хіміі» за ўдзел у адным маршы

Стала вядома, што 23 лістапада Аляксандра Адашчыка асудзілі да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — «хатняй хіміі». Суддзя Партызанскага раёна Мінска Аляксандр Супічэнка прызнаў яго вінаватым паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Да вынясення прысуда мужчына знаходзіўся пад вартай, яго вызвалілі ў зале суда, піша «Вясна».

12.12.2022 / 20:18

Фота ілюстрацыйнае

Адашчыка прызналі вінаватым ва ўдзеле ў маршы 23 жніўня 2020 года. Згодна з пазіцыяй абвінавачання, ён не падпарадкаваўся патрабаванням міліцыі «вызваліць праезную частку, пешаходную і зялёную зоны для вольнага і спакойнага перамяшчэння грамадзян і транспарту». Вядома, што ў яго з сабой быў бел-чырвона-белы сцяг, ён прамаўляў лозунгі.

Аляксандр прызнаў віну. Абвінавачанне таксама палічыла доказамі фотаздымак Адашчыка з праезнай часткі на праспекце Пераможцаў у Мінску з нацыянальным сцягам на плячах і звесткі ў тэлефонных злучэннях, якія даказваюць месцазнаходжанне мужчыны «ў непасрэднай блізкасці» ад маршу.

Nashaniva.com