Падарвалі машыну яшчэ аднаго калабаранта на Херсоншчыне

Расійскія акупацыйныя ўлады Херсоншчыны паведамілі, што ў выніку падрыву машыны цяжка паранены першы намеснік кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі Херсонскай вобласці Віталь Булюк.

12.12.2022 / 20:03

Аўтамабіль з Булюком усярэдзіне ўзарваўся ў горадзе Скадоўску, калабарант цяпер знаходзіцца ў цяжкім стане ў бальніцы Сімферопаля. Мяркуецца, што спрацавала міна скіраванага дзеяння.

Па словах «міністра аховы здароўя» акупацыйнай адміністрацыі Херсонскай вобласці, кіроўца аўтамабіля загінуў на месцы.

Паведамляюць, што Віталь Булюк — колішні камуніст, член мясцовай прарасійскай партыі «Наш край», блізкі сябар кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі Херсонскай вобласці Уладзіміра Сальда. 

Месяц таму, 9 лістапада, падчас нібыта аўтамабільнай катастрофы загінуў іншы намеснік Сальда Кірыла Стрэмавусаў. Увогуле ж у апошнія месяцы ўкраінскім спецслужбам удалося арганізаваць знішчэнне ці, прынамсі, вывядзенне са строю цэлага шэрагу высокапастаўленых калабарантаў і прадстаўнікоў акупацыйнай адміністрацыі на Херсоншчыне.

Nashaniva.com