Брытанская разведка: Падобна, Расія атрымала новую партыю іранскіх дронаў

У свежай ранішняй зводцы аб становішчы спраў на франтах Украіны брытанская разведка папярэджвае аб магчымай новай хвалі расійскіх нападаў з выкарыстаннем іранскіх дронаў.

09.12.2022 / 13:11

Паступілі паведамленні, што ўпершыню за тры тыдні аднавіліся атакі з выкарыстаннем беспілотнікаў-камікадзэ, перададзеных Расіі Іранам.

6—7 снежня ўкраінскія афіцыйныя асобы паведамілі, што Запарожская і Днепрапятроўская вобласці падвергліся нападам з выкарыстаннем дронаў. Паводле інфармацыі Генштаба Украіны, 17 БПЛА было збіта, у тым ліку 14 «Шахедаў-136».

Апошні раз паведамленні аб нападах дронаў на ўкраінскую тэрыторыю паступалі 17 лістапада.

Інфармацыю аб аднаўленні актыўнасці дронаў яшчэ трэба будзе праверыць, але калі гэта так, то, верагодна, выснову можна зрабіць такую: Расія вычарпала свае папярэднія запасы БПЛА «Шахед-131» і «Шахед-136» і цяпер атрымала папаўненне.

У гэтым выпадку можна чакаць новай хвалі расійскіх нападаў з ужываннем БПЛА.

Nashaniva.com