У Растоўскай вобласці затрымалі дэзерціра, які страляў па паліцэйскіх з кулямёта. Магчыма, гэта былы баец ПВК Вагнера

У Растоўскай вобласці на поўдні Расіі затрыманы ўзброены мужчына ў камуфляжы, які 6 снежня абстраляў паліцэйскіх у горадзе Навашахцінск. Па даных СМІ, ім аказаўся былы зняволены, які ўступіў у ПВК Вагнера.

07.12.2022 / 13:04

«Злачынец затрыманы. У выніку зладжаных аператыўна-вышуковых дзеянняў яго знайшлі ў пустуючым будынку пад Навашахцінскам. Праводзяцца следчыя дзеянні», — паведаміў губернатар Растоўскай вобласці Васіль Голубеў.

Тэлеграм-канал Baza піша, што затрыманы адбываў ва Уфімскай калоніі тэрмін за рабаванне, адкуль быў завербаваны ў ПВК Вагнера для ўдзелу ў вайне ва Украіне.

24 лістапада ён перадумаў ваяваць і збег, сцвярджае Baza.

Напярэдадні паведамлялася, што мужчына са зброяй, які параніў паліцэйскага ў Навашахцінску, можа быць дэзерцірам. На час пошукаў у горадзе спынілі рух грамадскага транспарту па некалькіх маршрутах, а грамадзян заклікалі не выходзіць на вуліцы.

Nashaniva.com