«Выстаяць у гэтую зіму — гэта адстаяць усё!» Зяленскі заклікаў украінцаў рыхтавацца да цяжкай зімы

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі у сваім вячэрнім звароце заявіў, што Расія спадзяецца выкарыстоўваць супраць Украіны халады і заклікаў рыхтавацца да цяжкай зімы.

05.12.2022 / 07:41

«Выстаяць у гэтую зіму — гэта адстаяць усё. Уся Украіна павінна стаць адным вялікім пунктам нязломнасці і працаваць кожны дзень і кожную ноч. Дзяржава, бізнэс, людзі — усе мы, усе ўкраінцы — усе разам», — сказаў прэзідэнт Украіны.

Гаворачы аб «пунктах нязломнасці», Зяленскі мае на ўвазе Дзяржаўную праграму стварэння аб'ектаў, на якіх украінцы могуць бясплатна і кругласутачна сагрэцца, атрымаць доступ да інтэрнэту і зарадзіць мабільныя прылады — нават калі адключаная электраэнэргія.

На працягу апошніх двух месяцаў Расія наносіць масіраваныя ўдары па ўкраінскай энергетычнай інфраструктуры, у выніку чаго ў краіне ўстаноўлены графік адключэнняў электрычнасці.

Эксперты таксама асцерагаюцца, што з-за абстрэлаў некаторыя ўкраінскія спажыўцы могуць застацца без цеплазабеспячэння падчас маразоў.

Nashaniva.com