Па цэнтры Цвяры ездзілі танкі з украінскімі сцягамі, мясцовае начальства перапалохалася

26 лістапада ў Цвяры здымалі прапагандысцкі фільм «Музыкант». Пра гэтыя здымкі на набярэжнай Сцяпана Разіна гараджан загадзя папярэджвалі. Падчас гэтых здымак, паводле сюжэта, мусілі ездзіць танкі з украінскімі сцягамі, і яны ездзілі — гэта пацвярджаюць фота. Але працяг гісторыі быў нечаканы.

29.11.2022 / 19:51

Фільм «Музыкант» здымаецца пры падтрымцы Мінабароны і Мінкультуры Расіі, то-бок яўна ягоны змест не супярэчыць ідэалагічным нормам сучаснай расійскай дзяржавы. Тым не менш, для мясцовых чыноўнікаў бачыць на вуліцах расійскага горада нават у кіно вайсковую тэхніку пад варожымі сцягамі аказалася надта вялікім псіхалагічным выпрабаваннем.

У выніку здымкі забаранілі. У афіцыйным паведамленні гаворыцца:

«Адміністрацыяй Цвяры прынята пастанова аб адмене здымак у горадзе мастацкага фільма з выкарыстаннем вайсковай тэхнікі з замежнай сімволікай і сцягамі. Праца кінематаграфістаў у мінулыя выхадныя на цэнтральных вуліцах сталіцы рэгіёна выклікала негатыўную рэакцыю жыхароў і шырокі грамадскі рэзананс».

Аргументацыя губернатара Цвярской вобласці Ігара Рудзені была арыгінальная:

«16 снежня мы будзем адзначаць чарговую гадавіну вызвалення Калініна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Наш горад стаў першым абласным цэнтрам краіны, які Савецкая Армія вызваліла падчас Вялікай Айчыннай вайны. І раптам назіраем, што на вуліцах здымаюць такія сцэны. У сучаснай сітуацыі гэта недапушчальна. Безумоўна, ёсць тэрыторыі, дзе можна гэта здымаць, і гістарычна гэта будзе правільна. У нас жа не павінна быць здымак з вайсковай тэхнікай і сцягамі праціўніка».

Nashaniva.com