Украінскага пісьменніка знайшлі ў брацкай магіле забітых расіянамі ў Ізюме. Ён быў ініцыятарам выдання анталогіі беларускай паэзіі 

Украінскага дзіцячага пісьменніка і валанцёра Уладзіміра Вакуленку выкралі і забілі расійскія салдаты падчас акупацыі імі часткі Харкаўшчыны. Яго цела знайшлі разам з сотнямі іншых людзей у масавых пахаваннях у Ізюме. Гібель Уладзіміра пацвердзіла ДНК-экспертыза.

28.11.2022 / 23:17

Фота з сацыяльных сетак

Для беларусаў Уладзімір Вакуленка таксама быў не чужым чалавекам. На ягоную смерць адгукнуўся ў фэйсбуку беларускі паэт Андрэй Хадановіч:

«Уладзімір — вядомы дзіцячы пісьменьнік, аўтар тузіну кніг, лаўрэат шэрагу літаратурных прэміяў.

Ва Уладзіміра застаўся непаўнагадовы сын, які мае інваліднасць і патрабуе дапамогі.

У 2020-м Валодзя быў адным з першых літаратараў, хто адгукнуўся на беларускія пратэсты і рэпрэсіі. Звярнуўся да паэтаў і перакладчыкаў — і падрыхтаваў анталогію беларускай паэзіі «Жыве Беларусь! За нашу і вашу свабоду!»

Светлая і вечная памяць…»

Nashaniva.com