У Кітаі пратэсты супраць кавіднага лакдаўну перарастаюць у антыўрадавыя

Акцыі пратэсту адбываюцца сама меней у 16 ​​гарадах — у тым ліку ў двух найбуйнейшых: Пекіне і Шанхаі.

28.11.2022 / 13:27

У Шанхаі сотні людзей трымалі ў руках чыстыя аркушы белай паперы — сімвалічны пратэст супраць цэнзуры — і скандавалі: «Патрэбныя правы чалавека, патрэбная свабода». Некаторыя таксама выкрыквалі заклікі да Сі Цзіньпіна сысці ў адстаўку.

Да вечара 27 лістапада масавыя дэманстрацыі распаўсюдзіліся на Пекін, Чэньду, Гуанчжоу і Ухань, дзе тысячы жыхароў патрабавалі не толькі спынення абмежаванняў, звязаных з каранавірусам, але і палітычных свабод.

Жыхары некаторых закрытых раёнаў разбуралі бар'еры і выходзілі на вуліцы.

Людзі ўскладаюць адказнасць на ўладу, якая праводзіць палітыку «нулявога кавіду» і амаль тры гады замест таго, каб будаваць больш лякарняў і падкрэсліваць неабходнасць вакцынацыі, укладала вялізныя рэсурсы ў сродкі масавага тэсціравання, каранціну і ізаляцыі.

Nashaniva.com