За ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту у Мінску жыхарку Светлагорска асудзілі да «хатняй хіміі»

У судзе Партызанскага раёна Мінска вынесены прысуд жыхарцы Светлагорска Наталлі Зорынай, абвінавачанай у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1. арт. 342). Справу разглядаў суддзя Міхаіл Макарэвіч, піша «Вясна».

24.11.2022 / 09:47

Наталля Зорына, якой у кастрычніку споўнілася 28 год, да затрымання працавала ў Мінску вядучым спецыялістам па закупках у камерцыйнай фірме, жыла ў сталіцы.

Па матэрыялах абвінавачання, Зорына прыняла ўдзел у адной з акцый пратэсту ў 2020 годзе ў Мінску, «разам з іншымі мітынгоўцамі выходзіла на праезную частку праспекта Незалежнасці, публічна выкрыквала лозунгі, здзяйсняла гучныя воплескі і размахванні рукамі, наўмысна ажыццявіла блакаванне руху транспартным сродкам з дапамогай перакрыцця праезнай часткі дарогі шляхам сумеснага выхаду з іншымі грамадзянамі на палосы руху. Яе дзеянні пацягнулі парушэнне працы грамадскага транспарту».

У судзе высветлілася, што Наталля Зорына не ад самага пачатку далучылася да пратэстоўцаў, не мела з сабой пратэснай сімволікі. Адвакат настойваў на тым, што Наталля выпадкова трапіла на акцыю. Аднак, насуперак довадам абаронцы, Зорына ў судовым пасяджэнні прызнала віну па ўсім аб'ёме выстаўленага ёй абвінавачвання.

Суд пастанавіў прызначыць ёй пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін тры гады.

Яе выпусцілі з зала суда пад падпіску аб нявыездзе.

Nashaniva.com