Пад Пружанамі аднавяскоўцы жорстка расправіліся з пенсіянеркай

Забойства 85-гадовай бабулі з вёскі Роўбіцк адбылося ў яе ўласным доме 18 лістапада, паведамляе міліцэйскі тэлеграм-канал.

24.11.2022 / 09:20

У злачынстве падазраюць суседзяў: 46-гадовага мужчыну і яго 33-гадовую жанчыну. Кажуць, яны моцна збівалі загінулую, у тым ліку выкарыстоўваючы падручныя прадметы, душылі і рэзалі. Усё з-за 90 рублёў.

На наступны дзень у вёсцы Заполле пад Пінскам страціў жыццё і 35-гадовы беспрацоўны з вёскі Галева.

Мужчына апынуўся ў гасцях, дзе пасварыўся з 30-гадовым мясцовым жыхаром. Апошні быў п'яны і ўдарыў апанента нажом у грудзі. Ад ранення ў сэрца той памёр у бальніцы.

Матывы злачынстваў высвятляюць следчыя. На ўсіх фігурантаў завялі крыміналку па фактах забойства. Яны затрыманыя.

Nashaniva.com