Huawei аддзеліць бізнэс у Беларусі і Расіі ад іншых краін СНД

Huawei Enterprise падзяліла карпаратыўнае падраздзяленне ў рэгіёне Еўразія на дзве часткі. Расійска-беларуская застанецца ў Маскве, а працу ў астатніх краінах СНД будзе курыраваць штаб-кватэра ў Бахрэйне. Пра гэта выданню «Ведамасці» расказалі дзве блізкія да кампаніі крыніцы, паведамляе Dev.by.

22.11.2022 / 19:43

Здымак ілюстрацыйны. Фота: AP Photo/Mark Schiefelbein

Некаторыя супрацоўнікі, якія адказваюць за развіццё бізнэсу ў Беларусі і Расіі, засталіся ў Маскве, яшчэ частка рэлакавалася ў Кітай. У самім Huawei ад каментарыяў адмовіліся.

Падраздзяленне Huawei Enterprise, якое працавала ў Расіі, займалася пастаўкай ІТ— і тэлекам-рашэнняў карпаратыўным заказчыкам таксама ў Азербайджан, Арменію, Беларусь, Грузію, Казахстан, Кыргызстан, Манголію, Таджыкістан, Туркменістан і Узбекістан.

Гендырэктар Enterprise ў Еўразіі яшчэ летам з’ехаў з Расіі па заканчэнні кантракта. На яго месца пакуль нікога не прызначылі. На думку крыніц выдання, расійскі штат скароцяць «да прытомнага функцыянавання».

Станам на чэрвень 2021 года ў беларускім падраздзяленні Huawei працавала прыкладна 200 супрацоўнікаў, каля 70% з іх — беларусы.

Nashaniva.com