Генсака беларускага Чырвонага Крыжа вінавацяць у гамафобіі

Праваабаронцы з Беларускага Хельсінскага камітэта звярнуліся да кіраўніцтва Чырвонага Крыжа пасля недапушчальных, на іх думку, публічных выказванняў кіраўніка беларускага аддзялення арганізацыі. У эфіры дзяржаўнай тэлевізіі Дзмітрый Шаўцоў назваў гомасексуальнасць «хваробай» і заявіў, што яе «трэба лячыць».

21.11.2022 / 17:53

Дзмітрый Шаўцоў. Фота: «Звязда»

Скандальнае выказванне генеральны сакратар Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, доктар Дзмітрый Шаўцоў зрабіў у эфіры тэлеканала СТБ 18 кастрычніка.

«Разумеючы несумяшчальнасць паводзін генеральнага сакратара БТЧК з прынцыпамі арганізацыі — гуманнасцю, нейтральнасцю, бесстароннасцю і незалежнасцю, — эксперты Беларускага Хельсінкскага Камітэта і Беларускага фонду медыцынскай салідарнасці накіравалі лісты ў розныя інстытуты Чырвонага Крыжа», — заявілі праваабаронцы.

Звароты сярод іншага адправілі кіраўніку місіі Міжнароднага Камітэта Чырвонага Крыжа ў Рэспубліцы Беларусь, прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, Міжнароднаму Руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, а таксама прэзідэнту Міжнароднага Камітэта Чырвонага Крыжа.

Беларускі Чырвоны Крыж — праўладная арганізацыя, якая актыўна ўдзельнічае ў многіх арганізаваных лукашэнкаўскім рэжымам мерапрыемствах, у тым ліку палітычнага і прапагандысцкага характару. Але кіраўніцтва Міжнароднага Чырвонага Крыжа дагэтуль не бачыла ў гэтым ніякіх праблем, не рэагуючы на шматлікія скаргі і звароты, якія адпраўлялі на яго адрас.

Nashaniva.com