Міністр энергетыкі: Будаўніча-мантажная гатоўнасць другога блока АЭС — 96%. Паўтара месяца таму было 97%

Міністр энергетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч ў кулуарах міжнароднага форуму «Атамэкспа» ў расійскім Сочы расказаў пра тое, як ідзе будаўніцтва другога энергаблока БелАЭС, паведамляе БелТА. І назваў працэнт гатоўнасці, які ніжэйшы за называны раней.

21.11.2022 / 17:17

Паводле міністра, на другім энергаблоку «праводзяцца пусканаладачныя работы. Будаўніча-мантажная гатоўнасць — больш за 96 %. Работа праводзіцца ў строгай адпаведнасці з прынятымі праграмамі і пастаўленымі задачамі».

Пры гэтым больш за месяц таму, пасля адкрыцця Беларускага энергетычнага і экалагічнага форуму 11 кастрычніка, Каранкевіч ацэньваў стан гатоўнасці другога энергаблока АЭС вышэй — у 97 %.

Пра дакладныя тэрміны ўводу другога энергаблока ў эксплуатацыю ён нічога не сказаў ні тады, ні цяпер.

Nashaniva.com