Былога расійскага паліцэйскага, асуджанага да 15 гадоў калоніі за забойства жонкі, пасмяротна ўзнагародзілі медалём «За адвагу»

Асуджаны ў 2018-м на 15 гадоў калоніі за забойства жонкі і замах на забойства цесця былы маёр паліцыі Сяргей Кадацкі загінуў у «ЛНР», піша 1rnd.ru.

21.11.2022 / 11:51

Як вынікае з тэксту ўказа кіраўніка «ЛНР» Леаніда Пасечніка, Кадацкі загінуў смерцю адважных на полі бою, праявіўшы мужнасць і гераізм. Пасмяротна Пасечнік узнагародзіў яго медалём «За адвагу».

Фота: 1rnd.ru

Кадацкі стаў вядомы 11 ліпеня 2017 года. У той дзень дзясяткі вадзіцеляў сталі відавочцамі расстрэлу на трасе. Моцна п’яны паліцэйскі з карабіна з аптычным прыцэлам некалькі разоў стрэліў па іншамарцы, у якой знаходзіліся яго жонка і цесць. Жанчына загінула на месцы здарэння, параненаму цесцю ўдалося пакінуць машыну.

Пры затрыманні Кадацкі паўтараў: «Я ж мент!»

Па даных The Insider, па стане на сярэдзіну кастрычніка ва Украіне загінулі больш за 500 зняволеных.

Кіраўніца праваабарончага праекта «Русь сидящая» Вольга Раманава ў верасні сказала, што ў ПВК маглі ўступіць 11 тысяч зняволеных. Пазней «Медыязона» паведаміла, што ў верасні — кастрычніку колькасць зняволеных у расійскіх папраўчых калоніях скарацілася на 23 тысячы чалавек, што, паводле версіі выдання, звязана з вярбоўкай ПВК Вагнера.

Nashaniva.com