Амерыканскі камандуючы не змог датэлефанавацца да кіраўніка расійскага генштаба

Старшыня Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў, генерал арміі ЗША Марк Мілі спрабаваў пагаварыць са сваім расійскім калегам, кіраўніком генштаба Узброеных сіл Расіі Валерыем Герасімавым, але яму гэта так і не ўдалося.

17.11.2022 / 08:06

Марк Мілі. Фота AP

Як распавёў Мілі на прэс-канферэнцыі ў Пентагоне ў сераду, ён хацеў абмеркаваць з Герасімавым інцыдэнт з падзеннем ракеты на ўсходзе Польшчы, у выніку якога загінулі два чалавекі.

Па словах генерала, на працягу аўторка ён неаднаразова стэлефаноўваўся з калегамі ва Украіне і Польшчы, у прыватнасці з кіраўніком генштаба УСУ Валерыем Залужным, а таксама з кіраўнікамі узброеных сіл іншых еўрапейскіх краін.

«Мае супрацоўнікі спрабавалі злучыць мяне з генералам Герасімавым, але беспаспяхова», — панаракаў Мілі.

Назіральнікі звяртаюць увагу, што ў апошнія тыдні Валерый Герасімаў амаль цалкам знік з расійскай медыйнай прасторы, што звязваюць з незадаволенасцю ў Крамлі тым, як развіваюцца падзеі ва Украіне, віну за якія там ускладаюць на вайсковае кіраўніцтва.

Nashaniva.com