Гамельчука пакаралі калоніяй за «рэабілітацыю нацызму» і «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання»

Гомельскі абласны суд 15 лістапада завяршыў разгляд крымінальнай справы 26-гадовага Барыса Кіма, абвінавачанага ў распальванні сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130) і стварэнні экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзеле ў ім (ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса). Судовы працэс пачаўся 3 лістапада, суддзёй быў Руслан Царук, паведамляе «Вясна».

16.11.2022 / 20:24

Падчас судовага працэсу. Скрыншот з відэа

Вядома, што раней Барыса Кіма асудзілі за стварэнне экстрэмісцкага фарміравання (а менавіта фарміравання, дзейнасць якога накіравана на рэабілітацыю нацызму) і кіраўніцтва такім фарміраваннем, і на падставе ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тры гады.

Ён жа прызнаны вінаватым у наўмысных дзеяннях, накіраваных на ўзбуджэнне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці, а роўна ў наўмысных дзеяннях па рэабілітацыі нацызму, і на падставе ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу яму прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 3 гады 6 месяцаў.

Шляхам паглынання менш строгага пакарання, прызначанага па папярэднім прысудзе, больш строгім, канчаткова абвінавачанаму прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 4 гады 6 месяцаў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Падрабязнасці судовага працэсу высвятляюцца.

Nashaniva.com