Пацвярджаецца інфармацыя, што Расія вывозіць насельніцтва з прыбярэжных зон на левым беразе Дняпра Херсонскай вобласці

Акупацыйная адміністрацыя Кахоўскага раёна Херсонскай вобласці абвясціла аб эвакуацыі сваіх супрацоўнікаў. Яны пакідаюць 15-кіламетровую зону на левым беразе Дняпра, паведаміў прызначаны Расіяй кіраўнік адміністрацыі Павел Філіпчук.

12.11.2022 / 17:53

Манумент у Кахоўцы. Фота: Вікіпедыя

«Сёння адміністрацыя зʼяўляецца абʼектам нумар адзін для тэрарыстычных нападаў УСУ. Таму па распараджэнні ўрада Херсонскай вобласці мы, як орган улады, перамяшчаемся на больш бяспечную тэрыторыю, адкуль будзем ажыццяўляць кіраўніцтва акругай», — гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным у телеграм-канале адміністрацыі.

Філіпчук заявіў, што ў 15-кіламетровай зоне на левым беразе Дняпра магчымыя баявыя дзеянні. «З кожным днём становіцца ўсё большай прысутнасць вайскоўцаў. Гэта прыцягвае ўвагу УСУ. На гэтай тэрыторыі ствараюцца пэўныя ваенныя збудаванні і ўмацаванні», — сказаў ён.

31 кастрычніка акупацыйныя ўлады Херсонскай вобласці абвясцілі пра эвакуацыю населеных пунктаў у 15-кіламетровай зоне на левым баку Дняпра, у тым ліку з Кахоўскага раёна.

Nashaniva.com