Пасля адступлення з Херсона Расія прызначыла новую сталіцу анексаванай вобласці

Расійскія ўлады пасля здачы Херсона прызначылі адміністрацыйнай сталіцай акупаванай часткі Херсонскай вобласці горад Генічаск. Пра гэта паведамляюць расійскія дзяржаўныя агенцтвы са спасылкай на прадстаўніка мясцовай адміністрацыі Аляксандра Фаміна.

12.11.2022 / 08:35

«На сёння часовай адміністрацыйнай сталіцай Херсонскай вобласці з'яўляецца Генічаск. Там сканцэнтраваны ўсе асноўныя органы ўлады», — сказаў ён.

У сераду расійскія ўлады афіцыйна абвясцілі аб здачы Херсона, назваўшы гэта адводам войскаў. Гэта быў адзіны абласны цэнтр, які Расіі ўдалося заваяваць з пачатку ўварвання.

Прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў раней заявіў, што адвод расійскіх войскаў з Херсона на левы бераг Дняпра ніяк не памяняе статусу Херсонскай вобласці, якую паводле вынікаў не прызнаных у свеце «рэферэндумаў» Расія фармальна ўключыла ў свой склад.

Nashaniva.com